09.01.2012 22:41
52% удзельнікаў апытання, што праводзіцца на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама, назвалі нізкім узровень якасці працы рэгіянальнай міліцыі.
Паводле звестак галасавання на 9 студзеня, высокім узровень якасці працы магілёўскай міліцыі палічылі 31% рэспандэнтаў. 17% сцвярджаюць, што ён сярэдні. У апытанні ўзялі ўдзел 163 інтэрнэт-карыстальнікі.
Паводле слоў начальніка прэс-службы УУС Магілёўскага аблвыканкама Рамана Посахава, гэта апытанне праводзіцца ўжо амаль месяц і было дабаўлена для ўдасканальвання сайта. "У парадку эксперыменту вырашылі дабавіць такую інтэрактыўную анкету. Магчыма, яна не зусім нас будзе задавальняць. Магчыма, штосьці будзем мяняць, штосьці пераробліваць. Пытанняў будзе шмат, яны будуць мяняцца штомесяц. Пакуль штосьці каментаваць рана, хаця мы сочым за тым, як мяняюцца працэнтныя адносіны", - паведаміў БелаПАН Посахаў.
"Мы хочам, каб вынікі такіх апытанняў мелі больш рэальнае, аб'ектыўнае адлюстраванне сутнасці адказаў. Адказы "так", "не", "не ведаю", мабыць, не зусім падыходзяць для гэтай катэгорыі апытанняў", - адзначыў ён.
У той жа час начальнік прэс-службы падкрэсліў, што меркаванне грамадскасці застаецца важным у ацэнцы працы міліцыі Магілёўскай вобласці.