08.02.2012 17:07
Навіны -
Навіны Магілёва

Каля 500 подпісаў накіравана старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятру Рудніку пад зваротам адмяніць у Магілёве выступленне Санкт-Пецярбургскага тэатра «Рок-опера» з пастаноўкай «Ісус Хрыстос — суперзорка». Рок-опера, згодна з афішамі, павінна дэманстравацца ў абласным Доме культуры 3 сакавіка.
«Сам аўтар лібрэта рок-оперы Цім Райс мае антыхрысціянскі погляд, ён скажае многія ключавыя моманты біблейскай гісторыі»,
— патлумачыў БелаПАН адзін з падпісантаў звароту Ілья Сідаровіч. Так, адзначыў ён, Іуду Райс паказвае ідэйным чалавекам, які клапоціцца пра народ.
«Можна сцвярджаць, што роля вядучага персанажа ў оперы аддадзена Іудзе ў роўнай ці нават большай ступені, чым Ісусу. Аўтар оперы жудасна скажае евангельскі вобраз, ён як бы спачувае і апраўдвае Іуду. Аўтар лічыць, што Іуда быў самым глыбокадумным з апосталаў, таму трапіў у такую сітуацыю, і здрадзіў Ісусу не за 30 сярэбранікаў, а за ідэю», — адзначыў вернік.
Ён дадаў,
што аўтар оперы супрацьпастаўляе сваё бачанне Евангелля бачанню апосталаў, якія, будучы вучнямі Хрыста, напісалі гэтае Евангелле. «Атрымліваецца, што ён апосталаў абвінавачвае ў хлусні», — заўважыў Сідаровіч.
Для хрысціян, падкрэсліў ён, непрымальнае адмаўленне боскасці Ісуса Хрыста. «Калі адкрыеце магілёўскую інтэрнэт-афішу, там напісана, што ў оперы галоўнае — сутыкненне двух моцных характараў Іуды і Ісуса. Але ж сутыкнення там ніякага не было: Іуда здрадзіў Хрысту, і ўсё, а потым пайшоў і павесіўся», — гаворыць вернік.
Акрамя таго, паводле слоў Сідаровіча, непрымальна акцёра называць Ісусам Хрыстом.
«Толькі на іконах магчыма выяўляць Госпада спецыяльна падрыхтаваным да гэтага людзям. У старых фільмах, тых жа амерыканскіх, нідзе Хрыста і Божую маці не паказваюць. Калі толькі здалёк са спіны або ў нейкім ззянні. Яўнай выявы няма»,
— сцвярджае ён.
«Тое, да чаго царква і беларускія людзі ставяцца з вялікай пашанай, нам спрабуюць паднесці ў нейкім брадвейскім варыянце. Святое Евангелле апускаюць да мюзікла з прытанцоўкамі і рок-музыкай», — працытаваў Ілья Сідаровіч тэкст звароту да кіраўніка аблвыканкама.
У дакуменце адзначаецца, што «не так даўно Магілёўскі аблвыканкам па просьбе людзей ужо спыняў блюзнерства — забараніў паказ фільма «Код да Вінчы». «І цяпер магіляўчане спадзяюцца на разуменне і дапамогу ўладаў у недапушчэнні чарговага блюзнерства», — гаворыцца ў звароце.
Прыклад адмены рок-оперы «Ісус Хрыстос — суперзорка» па запатрабаванні грамадскасці ўжо меў месца ў 2009 годзе ў Пскове, дзе гэтая пастаноўка была замененая на іншую.
Цяпер збор подпісаў за адмену паказу рок-оперы працягваецца.
БелаПАН
Дадаць каментарый